«ЧЫРВО́НЫ КРЫЖ»

(у Азербайджане, Таджыкістане, Туркменістане, Узбекістане, Афганістане, Пакістане, Турцыі і араб. краінах — «Чырв. Паўмесяц», у шахскім Іране — Т-ва «Чырв. Льва і Сонца»),

добраахвотныя т-вы дапамогі ваеннапалонным, хворым і параненым воінам, інш. ахвярам вайны; у мірны час аказваюць дапамогу пацярпелым ад стыхійных бедстваў, у шэрагу краін праводзяць мерапрыемствы па прадухіленні захворванняў. У міжнар. маштабе нац. т-вы «Ч.К.» (фарміраваліся з 1864, тады ж зацверджаны назва і эмблема «Ч.К.») утвараюць Міжнародны Ч.К. (МЧК), аб’яднаны Міжнар. к-там «Ч.К.» (МКЧК, створаны ў 1863 у Швейцарыі, складаецца з яе грамадзян) і Лігай т-ваў «Ч.К.», створанай у 1919 для каардынацыі дзейнасці нац. т-ваў «Ч.К.» ў мірны час (МКЧК дзейнічае ў час вайны). Асн. прынцыпы дзейнасці «Ч.К.» сфармуляваны ў міжнар. Жэнеўскай канвенцыі 1864 (дапоўнена ў 1906 і 1929), Жэнеўскіх канвенцыях 1949. Вярх. орган МЧК — канферэнцыя (1 раз у 4 гады), паміж канферэнцыямі — Пастаянная камісія ў Жэневе.

На Беларусі «Ч.к.» (расійскі) дзейнічаў з 1866—67: у 1877 мелася 5 губ. праўленняў, 30 крапасных і пав. к-таў «Ч.К.»; напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 дзейнічала 118 мед. устаноў «Ч.К.». 6.6.1921 СНК БССР стварыў Т-ва «Ч.К.» Беларусі (гл. «Чырвонага Крыжа» Беларускае таварыства), якое ў 1925—91 уваходзіла ў Саюз т-ваў «Ч.К.» і «Чырв. Паўмесяца» СССР. З 1991 самаст. т-ва, з 1994 наз. Бел. т-ва «Ч.К.». Яго вышэйшы орган — з’езд (1 раз у 5 гадоў), паміж з’ездамі кіруе Рэсп. к-т. бел. «Ч.К.» (у пач. 2000-х г. меў у падпарадкаванні 6 абл., 129 гар. і раённых арг-цый, Дарожны к-т). Ажыццяўляе аздараўленчыя, прафілактычныя, сан.-засцерагальныя мерапрыемствы, догляд хворых у хатніх умовах, падрыхтоўку сан. актыву, прапаганду донарства, сан. асвету і інш.

т. 17, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)